Раім набыць:
Папулярныя старонкі:
Беларускія літары: |
вярнуцца да артыкулаў English: Vitryssland is the Swedish word for Belarus which in a word-by-word translation means "White Russia." Recently, a Swedish journalist wrote in a serious newspaper that "Vitryssland" is "Russia in winter". ... Just like in some other Germanic languages, Swedish has this problem with how they call Belarus, they use a misleading term which leads to misunderstanding. But the author, professor Andrej Katlarczuk from Stockholm, says that the problem also lies with Belarus itself. He says most of our official websites have only English and Russian versions and that makes an impression as if Belarus is indeed just some province of Russia. He mentions that some Swedish tourists mistakenly took Russian visas in order to go to Belarus. Professor Andrej Katlarczyk says that there needs to be more exposure to Belarusian language and Belarusian culture in Europe. He compares the situation with the Ukrainian language and notes, sadly, that Belarusian is the only Slavic language which is not taught in Swedish universities. Vitryssland - гэта не Расея ўзімкуАндрэй Катлярчук, Стакгольм Беларусь — новая і невядомая краіна Эўропы. Каб прыцягнуць да яе эканамічную ўвагу, ураду трэба змагацца з процьмай такіх жа малавядомых суседзяў-канкурэнтаў. Тыповы заходні бізнэсовец блытае Латвію зь Літвой, а Славаччыну — з Славеніяй. Расейская мова беларускай улады дурыць галаву заходняму спажыўцу, ён пачынае думаць, што Беларусь — гэта правінцыя Расеі. Адзін вядомы швэдзкі журналіст так і напісаў: «Беларусь/Vitryssland» — гэта «Расея ўзімку». З прычыны русіфікацыі дзелавой дакумэнтацыі і сайтаў пасольстваў Беларусі ў Эўропе, многія эўрапейцы зьбіраліся наведаць Беларусь... па расейскай візе. Сёньня анкеты і іншая консульская інфармацыя большасьці амбасадаў робіцца зноў па-беларуску і па-ангельску. Пытаньне зьнікла само сабой. У сьвеце катастрафічна занепадае беларусістыка і цікавасьць да Беларусі — апрача паліталягічнай праблематыкі. На фоне адкрыцьця новых цэнтраў украіністыкі, у заходніх унівэрсытэтах зьнікаюць апошнія беларускія штудыі. З добрай сотні заходніх беларусістаў, якія бралі ўдзел у міміжнародным кангрэсе 1995 г., засталіся адзінкі. Большасьць пераключылася на ўкраіністыку ці русістыку. Ва ўсім сьвеце спэцыялісты па замежных краінах рыхтуюцца на спэцыяльных катэдрах. Зрабіўшы адзінай дзяржаўнай мовай украінскую, урад нашага суседа аўтаматычна забясьпечыў падрыхтоўку замежных спэцыялістаў і рост зацікаўленасьці да краіны ў інтэлектуальных колах Захаду і Ўсходу. Кожны бізнэсовец ведае, што ў Кіеве можна дамовіцца па-расейску, але ўся дзелавая інфармацыя толькі па-ўкраінску, 72% шкаляроў вучацца на роднай мове. Таму трэба вывучаць украінскую мову. Швэцыя нядаўна адчыніла дзьве ўнівэрсытэцкія катэдры ўкраіністыкі. Перадусім гэтыя катэдры праз арганізацыю канфэрэнцый, навуковы ды папулярны друк на швэдзкай мове робяць добрую рэкляму малавядомай калісьці краіне. Тут вучацца і асьпіранты-швэды, якія выбралі ўкраіністыку (мову, палітыку, эканоміку) сваёй будучай прафэсіяй. Пасьля вучобы яны будуць шукаць і знойдуць працу па спэцыяльнасьці. Менавіта гэтая група новай эўрапейскай эліты будзе лякаматывам эканамічных адносінаў Эўразьвязу з Украінай. Так рухаецца сьвет. У той самы час у Швэцыі адсутнічае магчымасьць вывучаць беларускую мову. Гэта адзіная славянская мова, не рэпрэзэнтаваная ў краіне. Чаму? Адказ швэдзкіх палітыкаў просты і прагматычны: у Менску ўсё па-расейску. Гэта значыць, што на доўгую пэрспэктыву ў Швэцыі, як і ў іншых краінах Эўропы, ня будзе спэцыялістаў па Беларусі, бо краіна вывучаецца толькі разам з мовай. Ва ўрадавыя і бізнэсовыя структуры на пасады спэцыялістаў па Беларусі (дыпляматаў ці кансультантаў) прызначаюцца гадаванцы катэдраў русістыкі, якія нічога ня ведаюць пра Беларусь. Менавіта гэта шмат у чым вызначае кволую дынаміку эканамічных стасункаў. Беларуская мова — адзіная, не прэзэнтаваная на цэтліках і інструкцыях тавараў заходніх кампаній. Між тым гэта вялікі бізнэс ня толькі для перакладчыкаў, але і для дзяржавы. Бо паважаныя сусьветныя кампаніі замаўляюць пераклады ў краіне паходжаньня. Сёньня беларускія перакладчыкі нясуць вялікія страты, а дзяржава выдаткоўвае значныя грошы, бо ўвесь пераклад для экспартных тавараў у Беларусь робіцца па-расейску ў Маскве. Адтуль жа буйныя заходнія кампаніі запрашаюць перакладчыкаў для кансультацыі зь Менскам. Усё сапраўды цікавае і жывое (літаратура, рок, гістарычная навука, журналістыка і аналітыка) ствараецца ў Менску па-беларуску. І гэта доўгатэрміновая гістарычная тэндэнцыя. На думку Ларысы Геніюш, зьнішчальная ў дачыненьні да роднай культуры цывілізацыя «абы кілбасы» — шлях у нікуды. На посткаляніяльнай мэнтальнасьці не пабудуеш дабрабыту. Паглядзіце, што робіцца ў англамоўнай ці франкамоўнай Афрыцы. Лёгіка тут простая. Правінцыя ніколі не жыве лепш за цэнтар. Беларуская мова аўтаматычна рухае краіну ў цэнтар з усімі пазытыўнымі наступствамі. Іншых рэцэптаў я ня ведаю. © "Наша Ніва" (www.nn.by), 2004. Гэты артыкул-камэнтар быў надрукаваны ў газэце "Наша Ніва", №15, 2004. |
© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.
|