Раім набыць:
Папулярныя старонкі:
Беларускія літары: |
вярнуцца да артыкулаў Пра сфэры ўжываньня мовы і варыянтнасьцьWorvik (вытрымкі з он-ляйн форумаў) Ад рэдакцыі pravapis.org: рэплікі і пытаньні апанэнтаў Worvik'а нажаль не захаваліся. Некаторыя абзацы -- гэта адказы на пытаньні, якія мы з вамі ня ведаем. Але, я думаю, вартасьць гэтых нататак вядомага віртуальнага пэрсанажа ад гэтага не зусім зьмяншаецца. Тое, што сёньня існуюць моўныя варыяцыі, сведчыць пра моўнае адраджэньне. Беларуская мова доўгі час была ў заняпадзе. І нават ледзьве не загінула. Бо калі паглядзець на сфэры ейнага ўжываньня ў мінулым -- мовай карысталіся амаль як мёртвай. Была дэкаратыўная сфэра: радыё, тэлевізія, газэты, што-нішто з мастацкай літаратуры ды парадныя прамовы. У гэтай сфэры мова была цалкам мёртвай, бо ўсе носьбіты мовы ёй не карысталіся, а перакладалі на яе з расейскай. Ім было карысна дамагацца максымальнага падабенства мёртвай беларускай мовы да расейскай, бо так ім прасьцей. Была пабытовая сфэра, збольшага на вёсцы, ды ў анклявах за межамі краіны (Летува, Польшча, Сібір, Канада) зь мінімальнай колькасьцю карыстальнікаў. Была рытуальная сфэра, гэта калі некаторыя аматары карысталіся мовай як народнай вопраткай, апранаючыся па ўрачыстых выпадках на адпаведныя сьвяты. Вось і ўсё. Адукацыю трэба было б разглядаць асобна, але пакуль можна абмежавацца тым, што ў адукацыі выкладалася дэкаратыўная ды рытуальная мовы. Інакш і не магло быць, калі настаўнікі беларускай мовы былі адначасова і настаўнікамі расейскай, а ў побыце карысталіся выключна расейскай. Да гэтых сфэраў выкарыстаньня мовы нельга ставіцца як да жывой ды квітнеючай мовы. Дэкаратыўная мова -- наркамаўка, пабытовая -- разнастайныя трасянкі ды мясцовыя гаворкі, рытуальная -- цацачная архаіка (камусьці падабаўся фальклёрны віленскі дыялект, камусьці тарашкевіца), і ніхто нікому не замінаў. Тыя, што ведаюць толькі дэкаратыўную мову, могуць ня ведаць, што "ровар" быў заўсёды "роварам", а не "лісапедам". Ня ведаю як на больш зрусыфікаванай магілёўшчыне, але ж на гарадзеньшчыне дакладна. І "файны" -- гэта зусім не маладзёвы здабытак, а звычайнае слова, якім і старыя і малыя ў гарадзенскіх вёсках карыстаюцца. Таксама ходзяць словы "гэшефт", "імбрык", "гарбата", рэчы ў "валізу" складаюць, і ў "камізэлькі" апранаюцца. Шмат чаго... Але адкуль усё гэта ведаць "знаўцам" дэкаратыўнай наркамаўкі, на якой жывыя людзі не размаўлялі ніколі? І ўсё ж дзесьці 15-20 гадоў таму мова пачала выходзіць са становішча клінічнай сьмерці. Яна пакрыху пачала ажываць, выходзіць ў іншыя сфэры. Пачалі пісаць (а не перакладаць) на ёй публіцыстыку. Адразу ж высьвятліўся недахоп лексычнага матэрыялу. Трэба было папаўняць яго. Пачалі весьці на мове палітычныя спрэчкі. Высьвятлілася пэўная сынтактычная негнуткасьць. Трэба было практыкавацца ў маўленьні. А судовы працэс, а выпрацоўка навуковай мовы? Усё гэта было выклікам мове. І яна адказвае на гэты выклік. Адказвае творчасьцю, актыўнасьцю носьбітаў ды карыстальнікаў. Толькі сьляпы гэтага не бачыць. І гэты працэс трэба вітаць, цешыцца з гэтага. А хто супраць? Вы павінны пагадзіцца з тым, што не Вашыя бабулькі зьяўляюцца носьбітамі сучаснае беларускае мовы. ...абвінаваўца і судзьдзя не разумеюць, што ім гаворыць Івашкевіч, які і ня хоча ў роднай краіне гаварыць на судзе інакш, чым на роднай мове. І, зрэшты, ня можа, бо, сапраўды, па-расейску гаворыць дрэнна... Сучасная мова жыве ў філязофскіх дыскусіях і палітычных спрэчках, у постмадэрнісцкіх пошуках Адама Глёбуса, песьнях Шалькевіча, адноўленай пастаноўцы "Фаўста" Радзівіла, дыплёмнай рабоце Паўла Севярынца ды ў артыкулах і манаграфіях акадэміка Гарэцкага. Яна жыве і ў такіх незвычайных сытуаціях, калі патрабуюць расейска-беларускага перакладчыка на судзе, дзе абвінаваўца і судзьдзя не разумеюць, што ім гаворыць Івашкевіч, які і ня хоча ў роднай краіне гаварыць на судзе інакш, чым на роднай мове. І, зрэшты, ня можа, бо, сапраўды, па-расейску гаворыць дрэнна. Таму ён судзьдзю разумее, а тая яго -- не. Так, праблемаў з мовай зараз вельмі многа. Але развіцьцё ніколі не бывае без хібаў, гэта "хвароба росту". Некаторыя віртуалы Байнэту, перабольшваючы хібы гэтае "хваробы росту", прапануюць адзіны метад -- эўтаназію. Наагул, мова мае як культуралягічнае вымярэньне, гэтак і палітычнае (партыйнасьць навукі, літаратура па Леніну, які гэта добра разумеў, менавіта таму Сталін і стаў "большим ученым в языкознании" ды й Марра зрабіў акадэмікам). Гэта ўжо прадмет соцыялінгвістыкі. І гэта тычыцца, ў першую чаргу, лексічнага ладу мовы. Ці будзе для Вас адкрыцьцём, што змаганьне славянафілаў і заходнікаў гэта не выключна расейская зьява? Што зараз гэтае культуртрэгерскае супрацьстаяньне ў Беларусі вельмі актуальнае. І барацьба паміж імі ідзе жорсткая. Вядома ж, што вынік гэтае барацьбы не вызначаецца зьменай "кіёска" на "шапік", ці "спадарожніка" на "сатэліт". Гэта толькі сваеасаблівыя паролі, па якіх вэстэрнізатары ці славянафілы распазнаюць адзін аднаго, ды апанентаў. Аналягічныя працэсы адбываюцца й у летувіскай ды латышскай мовах. Так было ў міжваенны пэрыяд, тое адбываецца і зараз. Так было ў Польшчы, Чэхіі. Паўсюль, дзе дзеля адраджэньня, і моўнага, і культурнага, і палітычнага, былі патрэбны адпаведныя высілкі людзей. Вы пытаецеся, што думаюць наконт "шапiкаў" спэцыялiсты з Iнстытута беларускай мовы Акадэмii Навук і кажаце, што гэныя "шапiкi" iм наўрад цi спадабалicя б. У мяне ўражаньне, што там наагул пра гэта ня думаюць. Ім за іншае заробак выплочваюць. Увогуле, я Вам кажу пра гістарычны выклік, а Вы мне -- пра бюракратаў ад навукі. Абсалютна розныя маштабы. Пакуль Вы будзеце разважаць на падставе Вашага "здаровага сэнсу", прыдатнага для звычайнай сітуацыі, Вы ніколі не зразумееце таго гістарычнага перавароту, які адбываецца ў наш час. А значыць ня будзеце разумець нічога і нікога. Вы кажаце, што ня супраць развiцьця мовы, але патрабуеце, каб эталён мовы вызначалі спэцыялісты. Магчыма гэта так, але ў Беларусі не рыхтавалі спэцыялістаў у галіне развіцьця мовы. Іх увогуле нідзе не рыхтуюць. Гэта, дарэчы, і ня ёсьць справай спэцыялістаў. Гэта глыбінны працэс, які абвастраецца і пашыраецца ў пэўныя гістарычныя моманты. І ўдзел у ім прымаюць тыя, хто прымае выклік. А прызначаныя на пасаду апынаюцца "ў пралёце". З абыватальскага пункту глежданьня немагчыма заўважыць акалічнасьцяў "гістарычнага моманту". Таму раю Вам звярнуць увагу не на "шапікі", а на сябе самаго. У сэнсе самавызначэньня. Ці не ў пралёце Вы? Ці не засталіся Вы "па-за гульнёй" у беларускім жыцьці, у нашай гісторыі?
See also / Гл. таксама: |
© Сябры вэб-дружыны Pravapis.org і Ўладзімер Каткоўскі, 2001-2005. Усе правы захаваныя. Пры перадрукоўцы спасылка абавязковая.
|